Saturday, August 31, 2024

Рапорт: гефкер

Ніжэй вядзецца пра выставу чыстае паперы з архіву Віленскага беларускага музею імя Івана Луцкевіча, якая была складзена ў верасьню 2024 ў Вільне на Віленскай 20.

0. Крыніцы. Выстава паўстала з пэдантычнага разбору архіваў. Я адкладаў чысты папер наасобак і пісаў на тэчцы: чысты папер Язэпа Шнаркевіча і г.д. Нарэшце іх накапілася досыць, кабы ў куратаркі паўстала думка зрабіць выставў. Потым быў пакліканы Андрэй Антонаў, які урадзіў нас тым, што прэцызна ведаў, у якім месцы БССР якая паперня што вырабляла й мог ідэнтыфікаваць іх па воднаму аркушыку.

1. Час. Як на фільмах пішуць іх працягласьць, а на артыкулах — сколькі зойме чытаньне, так і пры ўваходзе на гэтую выставу й на афішцы я мусіў быў дадаць лапік з надпісам "2 г. 35 хв." у якісьці рэцэпту. Як практыкаваньні трэба рабіць па столькі часу, а калі меньш, то ня будзе патрэбнага імпэту.

Пабыўшы сярод пажоўклых папераў, прывучаесься да іх рознасьці. Як вачам патрэбны час прыстасавацца да суцемкаў. У архіве папера застаецца не заўважаная, празрыстая — ты сканцэнтраваны на тэксте, глядзіш скрозь. Нават чуеш галасы за літарамі. Глядзіш двойчы скрозь. Таму на выставе створаныя умовы кабы глядзець на тое, што звычайна не спыняе зроку. Калі глядзець доўга, тады сыходзіш з выставы з цалкам іншай сэнсэціўнасьцю да адценьняў і нюансаў. Кожны куток Дабрачыннай вуліцы, кожная пляма на вадасьцёку робіцца эстэтычным сьвятам. Нешта кшталту камеры каляровай дэпрывацыі? Мастацтва канцэнтрацыі на шкле замест краявіду за ім. Аптычные практыкаваньне на карысьць зроку.

Эстонскі сьцяг выглядае досыць сумна на тле яскравых індустрыяльных фарбаў. Як сігнальны сьцяжок: у капітана дэпрэсія, экіпаж ня жывы. Калі пашвэндаесься дзень па багну, дзе асноўная гама ёсьць леташнее сохлае траўе, ператлелае лісьцё, асінавыя камлі з жоўтым лішайнікам, бледны верас, ламаныя галіны, мятая брусніца — на гэтым тле эстонскі сьцяг ёсьць зычны як камертон.

У галавы трымаў, але моманта гэта дадаць не знайшлося. Шмат што покуль не прысутнічае на выставе.

2. Назва. Я ва ўнутраных запісах называў праект "белдао", па якіхсьці асацыяцыях з Анемпадыставым. Але не вырашаўся карыстаць гэткае навонак, бо адразу мірсьцяцца ружовыя Барбі. Пані куратарцы не падабалася катэгарычна, але яе прапановы былі не інфарматыўныя: "Архівы" ды "Паперы". Слова гефкер выскачыла ў самым канцу, мусі, калі я сустракаўся з настаўнікамі й сябрамі па Віленскай летняй школцы йідышу, якая як раз адрадзіўшы гэтым летам. Я запісаў слова ў літвацкім вымаўленьні, то бок з памягчэньнем ге й ке.

3. Абрыс. Не зроблены плякат над сталом з паштоўкамі. Там мусі быць як лубочны комік-стрып, некалькі стужак з гісторыямі: вось капірка й чалавек лупіць па клавішах, а вось на пляжу чытачка, і вось ўжо вецер гартае старонкі. І сяродзь іншых гэткая ж стужка: хтось піша паштоўку, і пры канцу стужкі двое абдымаюцца. І гэтая частка акрэсьленая — You Are Here — напішы паштоўку, пакуль не запозна. Роля плякатаў — паказаць выставу як кола жыцьця: школьнік над сшыткам і вось ён ўжо стары. Вучоны ў каталозе, і вось знайшоў выкапні. І ўсё скончваецца тым жа, дык пасьпяшайся даслаць паштоўку, прамовіць пяшчотныя словы. Ня зроблены, бо адчувалася факультатыўна, калі паўсталі тэксты ў каталёзе. Мо потым.

4. Праекцыі. Недаробленыя, таму што не даслалі досыць вершаў. Мусіла быць так: у куце вісіць ватман, на яго праекуюцца вершы, адзін за аднім. Запрасілі чалавекаў чатырадзесяць, даслалі вершы шасьцёра. Праектар, выявілася, вельмі гучны. Плюс яшчэ комп пры ём. Грамозна. Трэба ніяк інакш, тобок. Але тыя вершы, што даслалі, вельмі пасуюць.

Падумаўшы, я хацеў бы зрабіць дзьве часткі выставы адкрытым корпусам, кабы яны папаўняліся ўва весь час: збор вешраў пра пустасьці ды збор гуказапісаў цішы.

Я ня супраць, што выстава зьбіраецца не адразу. Плян быў, каб адразу — я ўсё рамкі, пашпарту й трымалкі быў рабіў за тры месяцы, набыў усе прышчэпкі, магніцікі, цьвічкі — каб ня месцы толькі скласьці як канструктар. І гэта дало фору сабраўшы думаць далей. Напрыклад, зрабіць каталёг і цалкам новыя тэксты для яго.

5. Тэксты. Тэксты Вітушчанка й Антонаў напісалі добрыя, але я іх не чытаў, хіба мяльком, бо вярстаў каталёг. Але для мяне было катарсічна, калі Андрэй Антонаў раптам сказаў: я хачу напісаць эсэй пра факсы. Я адчуў сабе ў раме, якая нарэшце генеруе нешта новае. Вытворчае асяродзьдзе.

6. Каталёг. Я й не памятаю, зачым ён быў прыдуманы. Верагодна, кабы дадаць выставе вагі. (Узгадаў: кабы не вярстаць столькі тэксту на сьцены трыма мовамі!) Першапачаткова там былі два словы пра кожнага й што з каго ёсьць у архіве й на выставе. Кабы ня пісаць гэта на сьценах. Але потым завяліся тэксты (гл. вышэй). Сапраўднае вызначэньне каталёг для мяне займеў, калі Антонаў прапанаваў расфарбаваць у ім чорна-белыя здымкі акварэлькай. Прыйшоў і расфарбаваў. Гэта быў абсалютны цуд пры двох сьведках. Наступнымі днямі я ў паніцы пабачыў, што наведнікі іх развалакаюць, цуд ужо адбыўся але.

7. Пульпа. Быў плян знайсьці фундатараў у пераробцах паперы. І быў яшчэ плян атрымаць ад іх пульпу, папяровую масу перапрацоўкі. І пакласьці па сярэдзіне як акцэнт. Тыпа чым усё скончваецца. Але літоўскія пераробцы паперы так старальна хаваюцца ад судовых позваў за забруджваньне рэкаў, што не бяруць слухаўку й пошту не адчыняюць. Хай іх пакарае й за сквапнасьць тэж. Яшчэ быў плян пакласьці пульпу ў акварыюм, або хаця пусты паставіць для збору макулатуры, бо прыгожа а рыбкі як раз паздыхалі. Але акварыюм хтось зьнёс.

8. Дынаміка. Мне пасуе, што выстава адчынілася безь вернісажу, спакваля. У тым ёсьць раўнавага маім разьлічаным сувора плянам. Пагледзім, што яшчэ паўстане з музыкі, вершаў, філязофскіх дыспутаў, гэпэнінгаў, тэатру ценяў, порна фотасэсій. Можа й ніц, што так сама будзе ў стылю.