Pdf ды epub выкладзеныя ў бібліятэцы Камунікат. (Дзесь пакінуты mobi для эстэтаў.)
Ян Чачот
Апалён на калядках*
Караткахвільля ў двох актах
Сцэнка ў Вільні.
Трапяць ў кожную справу аўтара гуморы.
Мабыць сьмяшней пісаў бы, калі б ня быў хворы.
Асобы
Апалён
Каліёпа
Мэльпамэна
Эўтэрпа
Тальля
Эрата
Мэркуры
і ўсе тутака сабраныя Філяматы
АКТ I.
Сцэна 1
КАЛІЁПА: Дзе ж бавіць час дагэтуль нашая Эрата?
АПАЛЁН: Дык ў кляштары быць мусі, у жалезных кратах
намаўляе каханьня канцэптамі мнішак,
разбуральней зьвясьці каб у кельлях брацішак.
МЭЛЬПАМЭНА: Да д’ябла, навярняць ёй тую злую лусту,
дурных мнішак растрэсьць, ці іх мніхаў заклустых.
Тлушчам карак зарослы, глузд поўны дурноты,
не ўяўляюць, што ёсьць то — парнаска вабнота.
АПАЛЁН: Аднак выдралі колісь, як бабры суворы, [1]
з Абеляра кавалак членаў некаторы,
бракавала пяшчотаў хаця па той страце,
Элаіза але ж аб пачуцьцёвай латцы
не рашалася й думаць...[2]
ЭЎТЭРПА, перарываючы: Апалён, даволі!
Бачыш, што мы кабеты, але са злой волі
невыхавана шчокі нам фарбуеш ружай.
АПАЛЁН: Вас, кабеткі, ня мусіць гэта ўразіць дужа.
Ледзь сяляначцы міне любой год дванаццаць,
пра ўсё яна выдатна сьпела ўжо дазнацца.
Сьцеражыцеся верыць анёлкам цнатлівым,
встыд ня знаны іх душкам, ледзь пыскам ўласьцівы.
Вам агулам, паколькі вы ёсьць багавіцы,
ўжо саромна ня ведаць пра...
ТАЛЬЛЯ: Но супыніся!
Зьлішаюцца на сьвеце жанчыны павагі:
цяпер і мы?
МЭЛЬПАМЭНА: На жаль...
АПАЛЁН, перадразьньвае: На жалік усялякі.
ТАЛЬЛЯ: Уздыхаць няўжо варта праз той тупы зашчык?
Сорам хай, Апалёне, схопіць тваю пашчу.
Кепска ты разважаеш аб жаночай цноце.
Лепш пакайся ў паводзін асобных брыдноце;
ганебныя ўзгадай ўсе выпадкі, калі ты
адскокваў прэч як палкім узварам абліты.
Навыперадкі з Дафнай як прайшлі, удала?
Ге?
ЭЎТЭРПА, зь іроніяй: Яшчэ б паганяўся, ў дрэвах быў сьвет цалы.
АПАЛЁН: Аб чым, сёстрачкі, спрэчка? Не аб цноце справа,
якую вы як лісы пяеце яскрава. [3]
Пра багатэль вядзецца — ці кабеты знаюць?
Я мяркую, што знаюць, паколькі ўцякаюць.
Сцэна 2.
УСЕ: Адкуль нясесься?
ЭРАТА: Дайце, калі ласка, продых.
АПАЛЁН: Схаваў для ёй сьляды сьнег у вулках, гародах.
Мусі быць, увіналась за якімсь рарогам, [4]
за паэтам, мусі быць, мізэрным ды ўбогім,
што пазяхае, пёрка грызе, горбіць спіну,
але ж ані зярна, ледзь дае шалупіну.
ЭРАТА: Дай спокуй. Стаміў зараз мяне ўжо твой досьціп.
ТАЛЬЛЯ: А й віскамі таксама нас ўжо кроіць досыць.
Заўжды квасная, ўцеха ня здобіць выразу.
АПАЛЁН: Прымушае, вядома, любоў да грымасаў.
ЭРАТА: Нечуваную маю аднак перашкоду:
за заклікам мне заклік парушае згоду.
Пляміць вершамі кожны, хто жыве, кахае,
кожны, хто весяліцца, кожны, хто ўздыхае.
Кожны вывудіць вершам хцэ свае турботы,
Полюксам паклянуся, згіну ад грызоты.
З невукамі бяда мне! Горн цыклопскі хіба
вагонь у іх разпаліць: вершы за ўсе хібы.
Загінулі Авід’і ды зніклі Тыбулы.
КАЛІЁПА: Ах, сёстранька, палову ты навіны чула.
Як не пяўся сусьвет у надзвычайнай меры,
ні Віргілія зноў не радзіў, ні Гамэра.
АПАЛЁН: Грымасьніцы, няўжо у даўнейшым акрэсе
было расло паэтаў як грыбоў у лесе?
Зноў стварыце Гелену, зноў спаліце Трою,
і зараз апяюць вам тут “мужа ды зброю”.
ЭРАТА: Шлях іншы раю: аюсь, прэч з боскага грона!
Адбудуй Трою, пасьві зноў гурт Ламядона.
АПАЛЁН: Перчызны маеш. Але дзе ж тая цукрова,
што цепліцца на вуснах каханачкаў, мова?
Быў бы жанчынай, трэснуў бы ад абурэньня.
ЭРАТА: І не дарма. Але ж і мы жа не з каменьня.
АПАЛЁН: Пагаднюся. Выдатна натура зрабіла,
што бруіць ў сэрца ваша так мяккасьці сілу,
няпоснай дозай міласьць падліўшы уласна.
Палаеш сердаваньнем? Пахвалі — ў міг згасла. [5]
ЭРАТА: Зьняслаўленьне, аблыга.
АПАЛЁН: Вось, на балбатаньне
заносьціцца гутарка. Спыніма цаўганьне.
Нас маркота даймае, кіслыя звад скуткі
Ось, праекцік падам я вам, пані, малюткі.
Абвінулі ўсё места каўбасачак нізкі,
хрысьцьянскіх тых календаў часы зусім блізка. [6]
Учынім кратахвільлю. Зараз нам Мэркуры
ўсім дастрочыць габіты, столы ды каптуры.
Пайдзьмо сьпяваць каляд у скуры іхніх мнішкаў,
атрымаем пацеху, заадно ж і кішкаў.
Хто за плянчык мой?
КАЛІЁПА: Супраць яго я адразу.
Зманашыцца Парнаскам? Новая абраза!
З блюзьнерамі, што зжылі нас з цэлага сьвету,
мы братацца вопраткай мусім? Што жа гэта?
Іх выбляцкія песьні, чужыя Кастальлі [7]
сьпявайма? Да чаго жа гэта мы дачакалі?
МЭЛЬПАМЭНА: Ўзносісься чаму гэтак? Паскрамні імкненьні:
трэ пільна асэнсоўваць, а ня ліць гняўленьні.
Патуль Алімп ў пашане, патуль Зэўс ў павазе,
пакуль у модзе Дэльфы й піфія ў экстазе. [8]
З клёката арлоў покі, з крумканьня вароны
прарок, у ашуканьня штуцы незраўнёны,
аракул мудрагельны марочыў галовы,
што вытхнулась аднак ня адхаяў нанова.
Тады прыйшоў габрэйчык, што ўваскрос памёршы,
прыйшоў ды шык парнаскі праз тае пагоршыў. [9]
Чалавек, уцяміўшы, цяпер замест мноства
шанаваць пачаў нейка трохгалова боства.
Як перамены ў людзкім век стварае целе,
так зь вякоў цягам ў думках зьмяненьні пасьпелі.
Упаў паляк, маскаль тож западзе, магчыма;
што праз тысячу будзе год, — не прадбачыма.
АПАЛЁН: Брава, сястра! Адкажаш чым ёй, Каліёпа?
КАЛІЁПА: Аргумэнт годны. Мушу тут адступіць, то-бок,
ў гэтым радку, цяпер кабы зайсьці з другога...
МЭЛЬПАМЭНА: Зь якога там яшчэ?
КАЛІЁПА: Вось, напрыклад, зь якога:
ці ня сорам то граць нам ролю тых істотаў,
паўстае ад чыіх дзеяў ў сэрцы брыднота? [10]
Згадайце крыжакоў, што з ксяндзоўскай падцкоўкі
інкавай дзеля хросту лілі рэкі кроўкі.
Скрышанае жазло ўжо гэных Рыбаловаў,
пад кім сусьвет, як студэнт пад фэрлай Лаёлы [11]
енчыў ды год “Альварам” дзесяць марнаваўся,
пакуль аб мэтах веры ўрэшты здагадаўся.
Нашага не мінула тэж тая дрэнь краю.
Хто Варненчыку страціць галаву параіў? [12]
З чыёй Жыгімонт Аўгуст, ня меўшы разводу,
нам на трон не пакінуў спадчыннага плоду?
Сам пакінуў народ, не перабраўшысь шлюбам,
тым дзьверы адчыніў для расткоў прыйшлай згубы...
Хто выдраў, спакушаны праз цара падманы,
заўчасным перамір'ем плады з рук Стэфана?
Хто рохлю Жыгімонта, набіўшыся ў судны,
на шведаў разаніны для пхнуў неабуднай? [13]
— Зграя, што пажырае сваіх жа авечак.
МЭЛЬПАМЭНА: Давандравала ўжо да дальніх ты мясьцечак.
Апінью робіць век.
КАЛІЁПА: Ня век, але жа людзі.
Чаму ў жалезнае іх трэ трымаць аблудзе?
МЭЛЬПАМЭНА: Хай так будзе: пашаны вартыя бязь меры
дэвізы, што штурхнулі алімпійску веру,
затое цьму людзей, хто жыўшы воўчай зграяй
ў драпежніцтве, па сьвету няспынна блукалі,
яны зьбілі ў суполку адну з ўсіх народаў,
даўшы мірнай грамады паспытаць свабоду.
КАЛІЁПА: Ці бязь сялібы грэкі ці рымляны былі? [14]
МЭЛЬПАМЭНА: А нібы ў Картагене нас неяк хвалілі?
КАЛІЁПА: Прагнеш збароць? Ахвоты ня маю нанова
біцца ані спрачацца. Складзема дамову.
Ай, вопраткі ўсё глупствы: сэрца грунт, ды цнота;
хоць ва што абкруціце. Каптур, фрак, капота,
маска маскай; а што пад ёю там схавана,
разгадвае няхай той, каму тайн жадана.
АПАЛЁН: Рахманасьць Каліёпы, дальпан, ухваляю.
Чаму ўжо нам злавацца на папоў гультаяў?
Разумнейшыя ёсьць і зь іх, што нас шануюць.
Паэты ўсе як боства нас паўсюль трактуюць.
Хай нам не ахвяруюць нізкія істоты,
дык кпіць з гальца, хто мае сам чырвоны злоты.
Хадзема да Мэркур’я, шаноўныя дамы:
ён здабыў ужо ўбраньне, апрануўся сам і
найдзіўнейшую выбраў ролю арганіста,
Я буду ксёндз, а вы хай хлопчыкі харысты.
АКТ II.
Сцэна 1
ЯРАШ [15]: Чаго жа, ці інтрыга кепска заснавана?
Зан Адама дурачыў, Адам чмурыў Зана.
Стрэсуе Адам, ямбаў бо Тамаш ня піша...
Але стварыў зь іх двох ня толькі ямб спарыша, [16]
дзьве часткі, пэўна? Пэўна! Словам, плянамерна
дураныя падвойна, патройна, пачцьверна! [17]
або, “дурнямі” зваць вас мне прасьцей, як Яся
калісьці зваў.
АДАМ [18]: Сапраўды, перамога ваша.
Тамаш зламаў басолю мне тутка да рэшты.
Пытаю “Маеш ямбаў”? Мне адказ “Цо хцэш ты?
Якіх ямбаў? Чаму бы? Каму бы? Навошта?”
“Ці ўзяў ты з пошты ліст мой?” “Што яшчэ за пошта?
Што табе трэ? Адлезь ты! Якога там ліста?”
“Вось дуда! бадай д’яблаў праглынуў ты трыста.
І што мая гулянка?” — “А што?” — й рот разявіў
свой з подзівам фальшывым: падмануў уяве,
абкруціў як авечку.
ТАМАШ [19]: Ці ж ня маю я-та
досыць ў галаве думак сваёй дурнаватай,
кабы ня мог канцэптам...
АДАМ: Як хвасьцінай целя.
ТАМАШ, сьпявае, намагаючыся зацьміць голас Адама:
А, ан, бе, це, дэ, э, эф, ле, ле, ле, ле, ле, ле.
АДАМ: Но, насіць яму трэба ў кішэні арганы,
кабы пад час (часты толь) над ім насьмяяньня
заглушаць мог зьдзекліўцаў.
ТАМАШ: Мосьці дабрадзею,
досьць ў галаве маю для канцэптаў алею...[20]
АДАМ: Алеі твае посна ёсьць запраўка, бозна
ў якой капусьце гразнуць...
АНУФЭР [21]:
Што сьмяецца Ёзэф,
тарашчучысь старальна гэтак у клеянкі?
Кабаначак ўсё роўна там няма каханкі. [22]
ЁЗЭФ [23]:
А хто можа знаць, што жа ў мяшку тым схавана?
Мо клеянка тая на думкі пра кахану
наводзіць?
АДАМ: Як-як? Раптам ўжо была кахана?
ЁЗЭФ: Дзяўчын суполка міла ёсьць ня толькі Янам.
Ня толькі Тамашамі граюцца для пані
канцэрты, ў мыльнай пене тонучы у ваньне.
Ой, ня верце выгляду — падманвае вочы:
пад кажухом бараньнім часам ходзіць воўчык.
Вось Шырокі, Шырокі, Шырокі, Шырокі [24]
з Занаўскай бурнай пены разьліўся ў патокі,
кувэрцікаў шэраг і ён, пяшчоты поўны,
уздыхае, ўздыхае, ўздыхае аб Л-оўне. [25]
ЯН [26]:
Дзіва! Дык што ж рабіць на гэткім благім сьвеце?
Палову часу працы аддаць, поў — кабеце!
Дальбог, ці трэба заўжды X-м глузды прудзіць? [27]
Ці фэніксы мы з баек ужо, а ня людзі,
прызначаныя быццам род з попелу множыць?
Нам даць трэба дзяўчынку, сьвежу ды прыгожу.
ЁЗЭФ, перарываючы: Ат брэдзіш.
ЯН: Ты, дарэчы, філязоф бурклівы,
як у Ўкраіну ўцёк, дык як коцік юрлівы,
асвойтаўся зь дзяўчамі нейкімі імкліва,
да таго, што ажно ўраз перастроіў ліру,
кінуўшысь да Адама ў лістах ў тон вясёлы.
Кожнаму любоўныя ведамы мазолі.
Але скажы, з клеянкі што там натарашчыў?
БАЖЫДАР [28]: Ён жа Мармыт, сабе пад нос загдырыць злашча.
ЁЗЭФ: Ня гдыру... але мусіў клеіць я клеянкі,
якія ты меў клеіць, каб табе каханкі
галаву ня тлумілі.
ЯН: Но, вось ёсьць нагоды.
Паведай, Адам, вочка чорнае малодай
Нелавіцкай прыйшлося як табе, да смаку?
Ці ня уграз ты ў Коўне часам, небараку?
Сцэна 2
Апалён за ксяндза,
Мэркуры за арганіста,
Музы за хлопчыкаў ды скрыпачоў.
АПАЛЁН: Няхай жа будзе Езус Хрыстус пахвалёны!
МЫ: На векі вечны амен.
АПАЛЁН: Нованараджоны
У бятлемскім мясьцечку з паненкі Марыі
насьцежыць брамы моўнай мне дэбашэрыі.
Прэч, Дэмасфэн, паганін з сваёй эляквэнцай:
сьвяты дух рушыць губы мае, нос, каленца. [29]
Нішто ўжо урны, флюкты з якіх Гіпакрэны
нясуць, бурачы скалы, струмені натхненна.
Пад шчасных рыю мора аўспіцый я гаслам,
быццам нашмальцаваўшы вусны новым маслам. [30]
Як Эўксін словы льюцца, як Мэдытэраны,
віншаваць Ясьвельможных імі хачу панаў.
ТАМАШ: Моцпане, сохне рот, трэ візіт да келіху.
ЯРАШ: Гэй, дай яму патрызніць яшчэ далей крыху.
МЭРКУРЫ: Як валы ды аслы, як сарокі, вароны,
папугі й совы, б’ючы нізкія паклоны
носам, каленьнем, выем, карканьнем, шчабетам,
мелі сэрцы напханы радасьці паштэтам,
як mundi redemptor на духмяным пярнаце
ляжаў ў выжолабленым каня маестаце,
гэтак будзьма вясёлы!
УСЕ, перабіваючы: Брава, біс, узорна!
Дзякуй за віншаваньні гожыя пакорны.
АДАМ: Так! Пасуе аслом больш за ўсё сёньня бекаць.
ЯН, Апалёну: Можа, пан ксёндз згадаў бы пасьпяваць бы нейкасьць?
ТАМАШ: Бо сьпіч той выкштаўцоны змарыў арганіста,
яўна шкодзіць здароўю.
АПАЛЁН: Так, то рэчаісна.
Дзеткі, пяймо!
МЭРКУРЫ: Перапеці мя нікт ня зможа,
й перапіць, й пераперць. Я буду ўторыць гожа.
МУЗЫ, сьпяваюць:
Анёл пастырам адкрыўся:
што Хрыстос нам нарадзіўся
у Бэтлеме Давідовым
да й у родзе Юдашовым
з паненкі Марыі.
АДАМ, падпіўшы:
Гэй, чаго мне сквірчыце там? Прызнацца шчыра
ад опэры бурацца вашай ў вушах дзіры.
Паслухайце маю лепш песенку, вы, дружы,
калі як адляпіцца той плябан ня здзюжы.
Вочы радасьцю зазьзяюць,
Вянец чолы апаяша,
Ўсе абдымкі хай з’ядняюць,
Ўсе брацьця тут, ўсе тут нашы.
Збытак, хітрасьць, уляганьне
Кожны кіньце ля ўвахода.
Вечна маюць тут прыстаньне
айчызна, навука, цнота. [31]
ЯН, пхаючы ў бок Адама, кажа па-ціхаму:
Вось рура! Ў нас употай ўсё жа. Ці з келішка
адкрытасьці сярбнуўшы ты добрага лішку —
сьпяваць гэткія вершы!
АДАМ: Эй, да сам ты рура!
Ці можа штосьці гэны зразумець бандура?
Яны ж тут для каўбаскаў, а не для здагадкаў.
Дурны глухім aeqvale, ўсё будзе ў парадку.
АДАМ, зноў сьпявае:
з сэрцаў здымем свых заслоны.
Сьвяты пал, што тут вызнаны,
Адкрыйма адзін адному.
Прыязнь ды сьпяваньне тута
Сунімаюць нам пакуту. [32]
АПАЛЁН: Сьпеў цудоўны прыгожых дум! паэз’я чыста!
Мусі пан непазьбежна зьяўляцца лютністам.
КАЛІЁПА: Прывёў (цяпер згадала) яго верш мілосны
аднойчы ў прытомнасьць віленскі друк млосны. [33]
Мілосны, хаця шчыльна гаць супраць асьвяты,
тыранскіх легіёнаў штандарт, волі каты —
гідасная цэнзура словы ў яго одзе,
што не маглі з манаскім густам быць у згодзе,
бо ўцешна яму думка лёгкая спрыяла,
вышпарыла ды замест свае паўстаўляла,
ссыпецца якое як з золата лупіны.
АПАЛЁН: Ператворыцца наша раскошай пустыня
з паэтамі ў грамадцы! Маскарады здымем,
ім падзякі складзем за іхнюю даніну.
Паўстае музыка.
УСЕ ўва аслупленьні, па слоўцу кожны:)
Што за зьява! Цуд! Самі багі вось наведаць
сьціплейшую сыйшоўшы наскую бяседу.
АПАЛЁН: Мір вам! Мы вас віншуем, шаноўны зямляне! [34]
МЫ: Чэсьць й хвала вам па праву, пачэсны нябяне!
АПАЛЁН: Набліжся, Адаме, за тваіх гожасьць сьпевак
варты ты майго зроку ды парнаскіх дзевак.
Вешчы дух твае працы ўсе апавясьціў мне.
Бэрнар з Анэляй добра пекнасьць высьвятліў мне.
Табою ув уборы зграбнасьці адзета
йдзе сыпкая зямлянка ў наступнае лета, [35]
й ня толькі што з тваёе будзе сыціць ласкі,
з якой яе апеў ты, сам ужаўшы пляскі,
яна ж трапіць Белінды ля кудзера сеcьці [36]
ды для твайго чала там сьветны вянец сплесьці.
Рост пачатай вяшчуюць славы Дэмасфэны: [37]
сконч рашуча, бо дбаюць над табой Камэны
Ёсьць тут і Тамаш, скон хто сьпяваў табакерцы,
элегьямі сьцішаўшы чульлівымі сэрцы.
Балады, спрытны ямб ды тонкі трыялеты
шчырага яму годнасьць надаюць паэта.
Ёсьць Ёзэф, што тлумачыў Гарацыя оды,
ды Яраш, што расклаў нам Бершу асалоды. [38]
Ануфры грае тут на флейтачцы вясковай, [39]
творца Малгосі ёсьць...[40]
ЯН: Ой, божа, дастаткова!
Мы сьвяткуем падвойна сьвята сёньня наша:
імяніны Адама як раз ды Тамаша.
АПАЛЁН, пляскаючы ў далоні:
Бравісіма! Выдатна! Маем два вяночкі,
аздобім два прынамсі любых дзіцянёчкі.
Вас жа, прыхільнікі ўсе іншыя Парнасу,
прыбярэм гожым лаўрам мы з працягам часу.
Матэматыкі нават, лекары, юрысты
займеюць нагароду кожны асабіста.
ЭРАЗМ, [41] у бок: Ой будзе табе працы, браце Эскулапе,
напішаш мне, змачыўшы пёрка у ялапе, [42]
патэнт, што я служу у тваім палку дружным.
Ўжо роспалаць я хвацкі учыню нядужым.
ХОР МУЗ:
Прыстойных младзенцаў пара,
жывіш нас цішком ахвярай,
хаваесься ў цішы сьціплай,
да вычынаў станеш звыклай.
Прыймі ў дар ад нас зялёных
два вяночка заслужоных.
Як пчолкі ў спадарскі соты
салодкія ліюць мёды,
так і вы жыцьця вясною
у прыязнасьці й спакою,
тулячысь ў чулым улоньні,
складаеце шчодры плёны.
За то вечны лаўр зялёны
абаўе вашае скроньне.
АПАЛЁН: Чаму жа вашых вершаў ані Помнікі,
ні Дзёньнікі так сама, ні Тыдзёньнікі
не даносяць Парнасу, ня трубяць па сьвеце,
як чароўна вы, дзіўна ў сховішчы пяеце?
Дурных пісакаў рыфмы ані д'ябла ў душу,
высіляны цэнзурай, займаюць аркушы.
Хай Табакеркі вашы й вашыя Картоплі
адгоілі б выданьня чэзлыя, як кроплі. [43]
Чаму ж сьціплыя вы?
АДАМ: А ёсьць таму падставы...
АПАЛЁН: О, сыны сваіх продкаў вы вартыя славы;
ведаю вашы мэты, ведаю жаданьні.
Растуць з вас мсьціўцы вашай волі згвалтаваньня.
Адно імкненьне ўжо ёсьць вартае пашаны,
хвацкая сама думка, ўжо імпэт бажаны
гонар вяшчуюць, нават, калі, збаўце богі,
лёс плянаў выкананьню перашкодзіць строгі.
Адаме ды Тамашу, вашы з сяго грону
вялебныя заблішчуць першымі імёны.
Далі першыя хвілю вы сваю забаве,
хаця й на слабым грунце сьперш пабудавалі
гмах, дзе любоў айчызне, цнота ды навука
хаваліся ад злосных ворагаў вышука.
Вы іх заклалі, сёньня супольныя працы
ўжо удасканальняюць трывала палацы.
Прыстанак уся знойдзе тут дзяяльнасьць ляха,
хто поўны, маўляў, цнот, ня ведаў ў баю страху. [44]
Хай вам шчасьціць нябёсна! Хай дабрабыт шчасны
зрухне вашу айчызну й па ворагам лясьне.
ХОР МУЗ:
Мужных продкаў добры сыны,
будзьце ў намерах гарлівы,
славай мы жа вас увінем,
лаўрам вечным ды алівай. [45]
Вабіць вас не нагарода,
надзяць вас ня лаўра шаты:
бацькаўшчыны той свабодай
да падзеяў вы заўзяты.
Хай жа ваша бацькаўшчына
зь мёртвых негды зноў паўстане,
дзетак, што любілі шчыра,
за прыхільнасьць успамяне.
Трымайцесь з запалам роўным,
што натхняе, што ажывя,
а ў жыцьці вашым сяброўным
будзе прыязнь, лад шчаслівы!
Пад іх лейчынай няблагай
выканайце, што пачалі.
Спадарожыць ёй адвага
з ёй лягчэюць і цяжары.
Каб у вас, нямоўлі мілы,
тыя палякі ўваскросьлі,
што жалезны слупы ўбілі
у струмні Днепру, Салі, Осы! [46]
Хай жа ваша бацькаўшчына
зь мёртвых негды жа паўстане,
дзетак, што любілі шчыра,
за прыхільнасьць успамяне.
НАШЫ ХОР:
Схавайма ў грудзёх удала
парнаскіх дзяўчын натхненьне,
зьвязак наш сатнём трывалы,
сьціпласьці разгонім цені!
Што мысьліць адзін, то й другі,
мэта ўсіх салодка, міла:
бацькаўшчыне для паслугі
ўсё аддаць жыцьцё ды сілы.
Сьвяткуйма што ёсьць ў нас духу,
не пашчадзім чаго маем,
праз вялікую патугу
вынік шчодры атрымаем.
Пал да бацькаўшчыны вольны
поўнасьць духа ў нас трымае.
Мовіць старае прыслоў’е:
хто жадае — дасягае.
Пацісьнем сяброў далоні
з цэлага прыяцьцем сэрца.
Прыязнь, што нам сэрцы поўніць,
шчыльней паціськаньнем сьцьвердзім.
Слова ад перакладчыка
Пераклад мае нейкую колькасьць нетыповых рысаў, якія лепш абмеркаваць. Па-першае, у ім даволі шмат адхіленьняў ад нормы (што бы не лічылі нормай чытач ці чытачка). Звычайна ў нашых тэрэнах ад перакладу чакаюць пільнаваньня нормы, і ў перакладзе дазволена значна менш свабоды, чым у сваёй творчасьці. Але жа гэта не адзіны магчымы шлях і маецца падазрэньне, што ён не заўжды лепшы. Так, жартоўная інтэрмэдыя (krotofila, то бок караткахвільля ці фарс — кароткая жартаўлівая п’еса, якую іграюць на перапынку) Яна Чачота не адлюстроўвае агульна-польскай, анягож — тэкст напханы беларусізмамі, русізмамі, рэгіянальнымі адхіленьнямі ў канчатках і г.д. Ігнараваць гэтую спэцыфіку, перакладаючы нэўтральнай мовай — вызначала бы падманваць чытача, пазбаўляючы твор ад сутных яму рысаў. Таму для перакладу сканструяваная гіпатэтычная сытуацыя — як выглядала бы гэтая п'еса, калі б 23-гадовы Чачот спрабаваў пісаць яе беларускай (для спрашчэньня дапусьцім, што адразу кірыліцай). Можна ўявіць, што ў яго мове было бы шмат вакабулярных палянізмаў, польская акцэнтуацыя і г.д. Таму перакладчык дазволіў сабе й скарочаныя канчаткі прыметнікаў, зрухі націскаў, дзе ні дзе зьдзек над нарматыўным выбарам склонаў, арыентуючыся у гэтых licentiae poeticae, то бок вольнасьцях дазволеных паэту ў адхіленьні ад нормы, на бліжэйшага па часу беларускага драматурга — Вінцука Дуніна-Марцінкевіча.
Па-другое, перакладчык меў намер захаваць нефармальны тэмпэрамэнт п’есы — значную імправізацыйнасьць, хатні яе характар — і таму дазваляў сабе часам вольнасьць, непрэцызнасьць рыфмаў і агульную неахайнасьць, проста кажучы (прызнацца, гэта ня толькі рэзультат філялягічнай рэфлексыі, але ж так сама й пафігізма з жаданьнем зрабіць хутка ды сьмешна). Разам з тым, сабраўшы апошнія рэшткі сумленьня, перакладчык даставіў камэнтары з літаральным перакладам у тых месцах, дзе ён дазволіў сабе сутна адхіліцца ад арыгінала. Гэта таксама крыху экспэрымэнтальна, бо разам з нарматыўнасьцю ад перакладу звычайна не чакаюць прэцызнай перадачы арыгіналу, але хутчэй — яго духу ў межах, дазволеных культурнымі звычкамі. На заблытаную ў інвэрсыях граматыку барочных сэнтэнцыяў, на большасьць гістарычных ды міталягічных адсылак было вырашана камэнтароў не рабіць, каб яны не пераважвалі памер п'есы. Увогуле растлумачэньні дададзены па рэакцыях першых чытачоў.
Напісаны “Апалён на калядаваньні” клясычным александрыйскім радком, што ў польскім кантэксьце вызначае трынаццаціскладовы сылябічны верш, то бок такі, ў якім лічыцца нібы толькі колькасьць складаў. Але позьняя сылябіка ёсьць рэгуляваная: часьцей за ўсё націскі ў Чачота імкнуцца да 3 ды 6 (ды, ясна, 12) складаў; пры гэтым пасьля 7 стапы абавязкова стаіць цэзура. Такім чынам, для чытача, звыклага да сыляба-тонікі, якой у нас звычайна перакладаюць палякаў, памер “Апалёна” вагульна гучыць нібы першая частка радка напісана трохстопнікам, анапэстам, а пасьля цэзуры пачынаецца нешта іншае, нібы харэй, ці сьцяты дактыль:
Gdzież to nasza dotychczas / bawi się Erato?
(Дзе ж пасю́ль там на́шая / ба́віцца Эра́та?)
...Oj, kobietki, kobietki! / myż was zgórszyć możem?
(Ці, кабе́ткі, магчы́ма / гэтым вас ура́зіць?)
...Precz Demosten poganin / z swą elokwencyją
(Дэмасфэ́н, прэч, пага́нін / з сваёй эляквэ́нцай)
...Towarzysze, słuchajcie / mego śpiewku lepiej
(Паслу́хайце маю́ лепш / пе́сенку, вы, дру́жы).
Самое разьмеркаваньне націскаў, аднак, застаецца ня строга фіксаваным (за вынікам 7 і 12 складаў) і можа падаць ці на 2, ці на 3, а пасьля цэзуры — і на 8, 9, 10 склад. Разам гэта стварае гібкі памер, больш разнастайны за манатоннасьць францускага сылябічнага ці расейскага сылябічна-танічнага радка, пры тым маючы пранізьлівую цэзуру, што некалькі нагадвае складаныя памеры хораў старагрэцкай трагедыі. Пішучы па-беларуску, Чачот прыдаваў гэтаму памеру недасягальную элеганцыю:
У вас ве́льмі харо́ша! / Ха́ты зле́пкі з гно́ю,
бо ле́су не ма́еце, / ўсё астро́вы пу́сты.
Вы ся заляца́еце / жы́там, пшаніцо́ю,
бо ў вас грунт харо́шы, / чарназе́мны, тлу́сты.
Хаця Чачот піша ў поў-рукі, ня дбаючы, а толькі складае хатнюю п’еску для свойскага ж тэатру, аднак яго тэкст падсумоўвае літаратурную працу філярэтаў за некалькі год. Ён цытуе, рэфэруе, адсылае да кола тэкстаў, створаных Міцкевічам, Занам, Петрашкевічам ды самім Чачотам, і тое, што ён узгадвае, ёсьць ўжо тэксты моцныя, напісаныя ня толькі для простага баўленьня; яны адлюстроўваюць еднасьць паэтыкі й дазваляюць сур'ёзна ставіцца да посьпехаў філярэцкага кола ў паэтычнай дзейнасьці. “Картофля” Міцкевіча, “Скон табакеркі” Зана (абодва паэматы дайшлі ў фрагмэнтах), “Малгося з Зембаціна”, “Сьпеў пра ляха” Петрашкевіча — даюць супольны погляд на паэтычную тэхніку, на тэлеалёгію гісторыі, на ролю хрыціянскай рэлігіі, на справы краёвай ды нацыянальнай ідэнтычнасьці. У гэтым сэнсе камэрная п’еска Чачота ў згушчаным выглядзе выстаўляе квінтэсэнцыю творчасьці філяматаў 1817-1819 гадоў. Ніводная з пералічаных прац ня ўбачыла хутка друку, штосьці было страчанае да 20 стагодзьдзя, штосьці ня знойдзенае пасюль. Ніводная зь іх таксама не перакладзеная на іншыя мовы.
Як перакладчыку “Калядны Апалён” ёсьць мне гульня, спарушэньне правілаў і межаў, дазвол традыцыйных калядных жартаў, зьдзекі й пасьмешкі над усім сьвятым. Іншая жа частка мяне, тая што атрымала філялягічную адукацыю, заставаючысь рэзанэрам (і ня ўдзельнічаючы ў перакладзе) заўважае, што тэкст Чачота вырашае шэраг агульных запытаў паэтыкі й ідэалёгіі, што робіць гэту жартоўную п'еску праграмнай.
Інтэрмэдыя адчыняецца ў барочных дэкарацыях Вільні, але перад ратушай — будынкам клясыцыстычнага стылю. Зіма 1819/20 гадоў — гэта часы пераходу ад барочнай ці пост-барочнай паэтыкі кола філяматаў да паэтыкі рамантызму. То бок асэнсаваньне страты Рэчы Паспалітай, дзе нацыянальнасьць ня мела вызначэньня, й пераход да сьвежых позваў — праблематыкі нацыянальнай ідэнтычнасьці, стварэньня нацыянальнай суполкі ды культуры.
Філяматы вырашаюць гэты шэраг запытаньняў не бяз зграбнасьці: яны адмаўляюцца ад рэлігійнай ідэнтычнасьці каталіцызма (да якога мелі палітычныя конты) — спускаючы хрысьціянства да ўзроўня бытовай традыцыі, захоўваюць спадчыну клясычных часоў, зьвяртаюцца да фальклёру й з гэтых кампанэнтаў ствараюць прастору для сваёй далейшай дзейнасьці: той літоўскі пэйзаж, заселены німфамі й дрыядамі настолькі цесна, што й Апалёну ня сорамна сыйсьці сюды.
У драматургіі гэта выглядае так, што клясыцыстычныя багі, пагутарыўшы пераўскладнёнымі, поўнымі інвэрсый сказамі, якія напханыя алюзыямі на міталёгію ды гісторыю, й разам расправіўшыся з хрысьціянствам увогуле ды каталіцтвам у прыватнасьці, ператвараюцца ў калядоўшчыкаў. То бок з паэтыкі барока й клясыцызму яны адразу крочаць у паэтыку фальклёра.
Далей жа адбываецца той сынтэз рамантызму, які сабе ўяўлялі філяматы — сутыкненьне бытовага й фантастычнага, гумару й патасу — тая новая прастора безь несапраўдных дэкарацый, але з адноўленай мовай ды свабодай творчасьці. Або, як напісаў іншы віленчук у фінале сваёй каляднай п'есы: “Тут надыходзіць кавалак дыялёгу ды дзеяцца розныя рэчы, якіх не разумее нават самы аўтар”.
Застаецца толькі зьдзіўляцца, як 20-гадовыя хлопчыкі на руінах былой цывілізацыі стварылі свой сусьвет, спарадкавалі праграму — й далей выконвалі яе дзесяцігодзьдзямі, пры чым ні беднасьць, ні абмежаванасьць доступу да аўдыторыі, ні рэпрэсыі не адхілілі іх ад вызначанага пляну дзеяньняў.
[*] Тэкст перакладзены паводле выданьня: Poezya filomatów. T. II. /Wyd. Jan Czubek. (Archywum filomatów. Cz. III, 2). Kraków, 1922. Str. 253-275.
[1] Бабры не дзеля краснамоўства выключна, а спасылка на “Натуральную Гісторыю” Плінія Старэйшага, які піша, грунтуючыся на 118 басьні Эзопа: “Бабры Эўксінскія, захопленыя паляваньем, адгрызаюць самі сабе той кавалак, за якім палюемыя” (Plin. Nat. 8.47:109). Эзоп і Пліній маюць на ўвазе той жа кавалак, якога зьлішыўся Абеляр.
[2] У польскім тэксьце жарт трошачкі сьціплейшы: “Гэтак бракавала Элаізе пяшчотаў па настолькі важнай страце, што аб пачуцьцёвай узнагародзе й думаць не магла” (o zapłacie / tkliwej myślić nie mogła). У дадатак, гэтая вэрсія ёсьць рэдактарская, у рукапісе стаіць абарваная фраза: “o zapłacie tkliwych / myśli nie mogła...”, то бок “аб узнагародзе пачуцьцёвых думак не магла…” (Poezya filomatów. T. II. Kraków, 1922. Str. 254).
[3] Хутчэй за ўсё, рэферуе да басьні Эзопа “Малпа ды ліса”, дзе ліса, выхвальваючы смачную здабычу, заваблівае караля малпу ў пастку, а потым кажа малпе, што той, хто ня здолее ўтаймаваць сваю хцівасьць, ня можа быць і манархам.
[4] Рарог (raróg) тут вызначае не драпежнага птаха, ні тым больш міталягічную істоту, а шыбзьдзіка, ад устойлівага прыслоў’я “patrzeć jak na raroga”, то бок, глядзець як на нешта дзівоснае, й адсюль вызначэньне “дзівак” ўжо для самога рарога.
[5] Складаная шавіністычная ўпіка: маўляў, канешне, вы ня з каменьня, наадварот, вы вельмі мягкія й дастаткова вас пахваліць, каб вы супакоіліся.
[6] У арыгінале трошку інакш: “Смачнейша тхнуць па месту цэламу каўбасы, / прысьпелі тых календаў хрысьціянскіх часы” (Pachną po całem mieście prześlicznie kiełbasy / Kolendy chrześcijańskiej przyspieli czasy), але перакладчык пасораміўся перастаўляць націск на польскі капыл.
[7] Невялікае ўзмацненьне стылю, ў арыгінале “іх песьні бэнкурцкія”, але ж самае гэтае смачнае слова, хутчэй за ўсё, сьцерлася па-за межамі Віленчшыны.
[8] У арыгінале “Пакуль Дэльфы ў модзе й піфійская жрыца”.
[9] Тут, як і некалькі разоў далей, Чачот зьвяртаецца да “Картофлі” — няскончанай, але ж моцнай героікамічнае паэмы Міцкевіча пра адкрыцьцё Амерыкі. Паэма, як і п’еса Чачота, напісаная 13-складовым вершам і пяе: “як... потым, калі мінулі тысячы год, Габрэйчык агаласіў лепшую веру для сьвету, як грэцкія багі, дачакаўшыся злога лёсу, новы сьвет сабе робяць з рэшткаў хаосу, як Калюмб іх патрывожыў... і гэтак далей” (падрадкоўнік уступа паэмы, гл. арыгінал).
[10] У арыгінале, канешне, ня брыднота, але пагарда (grać rolą ludzi / których wspomnienie czynów wzgardę w sercu budzi).
[11] Рэдкае й вельмі паэтычнае ferla, відавочна, са студэнцкага жаргону, ад лацінскага ferula, то бок “розга”.
[12] У арыгінале меньш канкрэтна “З чыёй прыгоды льецца кроў Варненчыка”, але ўдакладненьне не адхіляецца ад гістарычнай праўды. Абвінавачваючы каталіцтва ў гыбелі Варненчыка, Чачот прытрывмаецца трактоўкі Яна Длугаша, па якой Турцыя з Венгрыяй сьхіляліся заключыць мір, але кардынал Чэзарыні настойваў на вайне супрась іншаверцаў.
[13] Вядзецца ўжо пра Жыгімонта III, які перадаў т.з. “Каталіцкай лізе” караблі для вайны са Швэцыяй, ды ўвогуле яго барацьбу супраць пратэстантызму, адцягнуўшую шмат сіл з Рэчы Паспалітай.
[14] Тутака вядзецца пра ролю хрысьціянства ў пераходзе славянаў ды іншых ад вандроўніцтва да аселага спосабу жыцьця, на што Каліёпа адзначае, што рымляны й грэкі й бяз гэтага не былі намадамі. У арыгінале стаіць “Alboż Rzymianie, Grzeki bez sadziby byli?”, дзе выраз “садзіба” мае не самае відавочнае са сваіх вызначэньняў — аселасьці.
[15] Францішак Малеўскі.
[16] Спарыш (у арыгінале так сама sporysz), слаўцо, блытаўшае польскіх дасьледчыкаў: так Чубак высьветліў яго як спарынец (паразіт іржы Claviceps), але ж Ендрых пераканаўча паказвае, што гэта беларусізм, які вызначае “два з'яднёныя прадметы, часьцей за ўсё два зрослыя арэхі” (то-бок, нешта парнае; дададзем, што зрослыя арэхі — устойлівы сымбаль сяброўства ў тую эпоху). Глд. Marek Jędrych. Apologetyczna i profetyczna funkcyja elementa antycznego w “Krotofili” Jana Czeczota “Apollo po kolędzie” // Roczniki humanistyczne. T. XXVIII. Zeszyt 3. 1980. Str. 89-102.
[17] Гэткая форма выбраная ня толькі каб упхнуцца ў памер, але яшчэ й пад гіпнозам польскага poczwórne ў арыгінале.
[18] Адам Міцкевіч (прабачаюся за відавочнае).
[19] Тамаш Зан.
[20] Мець алей у галаве, або надаварот брак алею — устойлівая ідыёма польскай, расейскай, ідышу, якая вызначае наяўнасьць або адсутнасьць глуздаў.
[21] Ануфры Петрашкевіч.
[22] Klejanka — адно з найлюбімых слоўцаў у міжсабойстве філярэтаў. Асабліва, здаецца, філярэтам падабалася, як зручна тыя клеянкі рыфмуюцца з каханкамі, кабанкамі (яны ж альтанкі) і г.д. Дасьледчыца Зоя Кавын-Кужова лічыць, што гэтак яны звалі вершы (Zoja Kawyn-Kurzowa. Język filomatów i filaretów: przyczynek do dziejów języka polskiego XIX wieku; słowotwórstwo i słownictwo. Wrócław, 1963. Str. 52), што не пасуе, як здаецца, па кантэкстах. Магчыма гэта былі нейкія сьценгазэты або праклямацыі?
[23] Юзэф Яжоўскі.
[24] “Шырокі” (Szeroki) была мянушка Тэадора (Бажыдара) Лазінскага.
[25] Камэнтатары раскрываюць імя як Aniela Łuczkówna, хто б яна ні ёсьць. Поле камэнтара занадта вузкае, каб растлумачыць, што тут адбываецца між ёй, Занам і Лазінскім.
[26] Ян Чачот.
[27] Трэба чытаць “кнігай”. У арыгінале іксы: “czy on ma zawsze suszyć łeb swój XXy”, хутчэй за ўсё жартоўнае “томы, кнігі” ад архаічнага напісаньня xiążki (зм. książki).
[28] Тэадор (Бажыдар) Лазінскі.
[29] Каленцы дададзены дзеля рыфмы, у арыгінале толькі шыя ды губы, але хай ён трохі прытанцоўвае.
[30] Маецца на ўвазе ўмеласьць Майсея расхінуць мора. У самым сказе наўмысна выбраны ненатуральны парадак словаў, як рыса стылю калядзіна. Калі ўпарадкаваць, то выйдзе: “пад дэвізам шчасьлівых аўспіцый (то бок, прадраканьняў) рыючы мора...” (Pod szczęsnych auspicyów kopiąc morza hasłem…) і г.д.
[31] Абодва куплеты натуральна ўзятыя з “Песьні філярэцкай” Міцкевіча — там гэта першы ды другі куплеты (гл. A.Mickiewicz. Dzieła wszystkie. T.1. Wiersze 1817-1824. /Opr. Cz. Zgorzelski. Zakład narodowy im. Ossolińskich, 1971. Str. 142). Ёсьць беларускі пераклад Кастуся Цвіркі (гл.: Філаматы і філарэты: зборнік. Менск, 1998) пад тытлом “Песьня” (гл. тут, ён зроблены па старэйшаму выданьнью, таму чарговасьць куплетаў не супадае). Верш Міцкевіча паўтарае рытміку “Оды да радасьці” Шылера, таму напісаны чатырохстопным харэем. Пан Цвірка зьмяніў аднак чатырохстопны харэй арыгіналу на трохстопны анапест, з-за чаго песьню больш ня сьпець на матыў “Оды да радасьці” Бэтховена (ані так сама на мэлёдыі, якія потым пісаліся спэцыяльна для гэтай песенкі).
[32] Зноў цытата — другі куплет з той жа “Песьні філярэцкай” Міцкевіча.
[33] У арыгінале без штукаваньня: “Узгадваю, гэта ж ягоныя аднойчы прыгожыя вершыкі аздобілі віленскія лядачыя тыднёвікі”.
[34] У арыгінале стаіць двухсэнсоўнае ziemianie, што звычайна вызначае хрысьцянаў ды сялянаў, але літаральна (што й абыгрываецца) й жыхароў зямлі.
[35] Дарэчы, “сыпкая зямлянка” тутака вызначае бульбу, зноў адсылаючы да ўжо ўзгаданай паэмы Міцкевіча “Картофля” (owóc... co ma imię Kartofel, Bulb, albo Ziemlanek, як там напісана). “Бульба”, паводле прароцтваў Апалёна, да нас такі дайшла, хаця й у фрагмэнтах, і была выдадзена а 1929, а потым, чамусьці цалкам у іншых фрагмэнтах, а 1949 годзе.
[36] Тутака Чачот камплімэнтарна параўноўвае дыялёг Міцкевіча “Выправа I. Аб пекнасьці”, дзе суразмоўцамі былі Бэрнард і Анеля, са славутым “Выкраданьнем кудзеру” Аляксандра Поўпа — цалкам, заўважым, абгрунтавана, бо самы дыялёг Міцкевіча да нас не дайшоў (глд. Józef Tretiak. Adam Mickiewicz w świetle nowych źródeł 1815-1821. Kraków, 1921. Str. 70-71.).
[37] “Дэмасфэн” быў тагачаснай трагедыяй Міцкевіча, якая да нас не дайшла.
[38] 25 лістапада 1817 Франца Малеўскі выкладаў на паседжаньні філяматаў аб паэмаце Жазэфа Бершу “Гастраномія” (1803), які й пераклаў. (Гл. Materyały do historyi Towarzystwa Filomatów. /Wyd. Stanisław Szpotaski, Stanisława Pietraszkiewiczówna. Kraków, 1920. Str. 32.) Пераклад, наколькі можна ўразумець, страчаны.
[39] Аўтар забылся, што ранее Ануфры Петрашкевіч выступаў пад мянушкай Ануфэр (Onufr), або першае была толькі скарачаньнем.
[40] Паколькі размова заходзіць аб “апэрэце” самога Яна (Чачота) “Малгажата з Зембоціна” (Małgorzata z Zębocina), ён пасьпяшаецца перарваць Апалёна.
[41] Эразм Палюшынскі, тады студэнт медык.
[42] Расьліна ялап (jelap), корань якога быў карыстаемы як праслабнае. Таму больш дэмакратычны пераклад выглядае як: “Ой, будзе папяровай працы табе, пёрка, / браце мой Эскулапе, макаць у касторку, / мне папішаш, тваёга байцу рэгімента, / на баяву роспалаць нядужных патэнты”.
[43] У арыгінале: “прыдалі б здароўя тым слабасьцям колеру скуры”, прычым для колера скуры выкарыстанае спэцыфічнае слова cera (аднакаранёвае, відавочна, цыраце).
[44] Адсылае да верша Ануфры Петрашкевіча “Сьпеў пра ляха” (гл. Poezya filomatów, T.1. Str. 160). Дарэчы, ў гэтым месцы ў выданьні Чубака зьбіваецца нумарацыя радкоў.
[45] У арыгінале без аліваў: “Слава й мы вас лаўрынамі будзем апранаць”.
[46] Адсылка да “Сьпева пра ляха” Петрашкевіча, аднак разам з тым да ранейшага гістарычнага сьпева “Баляслаў Храбры” (1816) Юльяна Урсына Нямцэвіча. Оса (Ossa або Osa) – рачулка ў сучаснай паўночнай Польшчы, калісьці былая мяжою між палякаў й прусаў, Саля (суч. Зале) – прытока Эльбы на Нямеччыне.
No comments:
Post a Comment