Tuesday, October 27, 2026

Грыбное паляваньне на Падбродзьдзі

У 2019 годзе давялося перасяліцца жыць у Коўню. Пераезд адбыўся ў чэрвені, а ўжо ў жніўні тамтэйшыя сябры пацягнулі мяне ў лес па грыбы. Як я быў здзіўлены й з тым уражаны, наколькі ціхамірна адбываецца грыбны збор на Ковеншчыны. Ня было выжлаў, хортаў, віску. Паветра ня поўнілася дымам крыві й стогнамі. Ня трашчалі праз пагоню гушчары й ламачча. Сябры мае былі сабраўшыся й апрануўшыся быццам на пікнік. Вопратка іх не выглядала як прызначаная, гэтак казаць, для выціраньня ляза. Скорыкі, што ў іх мелі ся пры сабе, пасавалі хіба выразаць з кары караблікі.

Нямала ўражаны ўсім тым і асабліва праз тое як у вялікіх гарадах страчваюцца паважаныя старажытныя звычаі, я вырашыў пакласьці на паперу свае ўспаміны пра тое, як у нашым крае палююць на грыбы, кабы людзі адарваныя ад жывога цела народа хаця ведалі бы чаго ся зьлішаюць.

На Падбродзьдзе, дзе бог дараваў мне быць нарадзіўшыся, грыбным паляваньнем кіраваў мой стрый. Звычайна ён выходзіў папаліць на ганак і калі вецер выдзіраў у яго з вуснаў цыгарку, — тое было сігналам да пачатку грыбнога сэзону. Вецер у грыбны сэзон мы маем выключна паўночны, таму на поўдзень на стрыёва дома суседзяў няма. Былі калісь быўшы, але ж раней чым ён быў пачаў паліць, шчэ за пілсуцкім часам. З устойлівай ружай ветраў ня варта сяліцца на поўнач ад стрыйку, мяркую.

За два тыдні да падзеі стрый аднак цалкам кідаў паліць. Праз гэта ён рабіўся рэзкі як лязо й чуў грыбізну за трыста крокаў. Гэтыя два тыдні тачыліся кіі й апальваліся ў капліцы стрэлы. Комін між іншым залівалі, кабы пах жылога дыму ад паляўнічых ня спужаў здобыч. Клаліся мы на зямлі, кабы набрацца іншым водарам.

Стрыйка мой быў сьпелы мужык ды семьянін. Лыч ён меў рабы, бо трыдзесяць шчэ год таму ў твар яму ўдала выбухнуў бзьдзюшок. Але вочы як раз патрапіла выратаваць. Пальцы ён меў усе, за вынікам двох на левай назе, праз сустрэчу з апёнкамі. З дробязяў не хапала яму пазуроў з таго разу як ён быў пасьпяшаўся ў зборы лісак і страціў міценку. Мяне ён заўжды вучыў з тых часаў кабы бязь міценак ані кроку й дзякуючы таму маю большасьць пальцаў і пазуроў як яны мне былі дадзеныя ад нараджэньня. Да сьмерці буду памятаць ягоны запавет: “ня выходзь з дому бязь міценак”.

Я памятаю стрыя сколькі памятаю сябе. На першае паляваньне ён узяў мяне ад мацінай ціцкі. Я не пасьпеў пачаць равець як ўзнесься ў паветра й перад маімі вачыма апынулася вочы рыжыка. Ва ўсе бакі пырснула й мяне прыклалі да струменя малака. Тады ажна скруціла сутаргай ад юрлівай гаркоты, а стрыйка на выцягнутых угору руках паказаў мяне колу радні й паляўнічых. У маёй гронцы быў сьціснуты кавалах рудай мясіны, якая хутка сінела. Мужчыны віталі мяне ровам.

Ковенскія з перасьцярогаў адзінае што пырскаліся нечымась фанаберычным. Можа на кузурак ці камарак гэта дзейнічаюць парфумы. Калі ты ўжо такі чалавек дэлікатны, што табе камарка можа зь лёгкасьцю прабурыць скуру. Але хацеў бы я пабачыць як пшекалка выратуе чалавека, калі белы груздзь высмоктвае зь яго сокі. Менавіта так адбылося з маім суседам. Таго ў апошні момант мы здолелі выратаваць, узьмесьціўшы потым страту жыцьцёвых вадкасьцяў грыбным супам, які фактычна замяняе фізіялягічны раствор. Але бачылі бы вы як мы нясьлі яго да дому — склаўшы ў чверць, на дне кошыка (бо месца пад кароўкі не хапала). А калі сваечас не падхапіцца, застаюцца толькі скуркі, ды й тыя бяз вочак. Як здарылася з нашым папярэднім пробшчам, напрыклад, які быў меў неўдалую звычку ня слухаць што яму тлумачаць пра падбродскае грыбаваньне. Хаця можа ў яго выпадку як раз склалося добра, бо тое што засталося канклаў прызнаў за мошчы. Можа й так, але ў нас падобныя мошчы ляжаць навродзе кілімчыка ў кожнай хаце, бо сьцеражыся не сьцеражыся, а двох-трох сабакаў за паляваньне даводзіцца пакласьці.

Падлеткамі мы зграйкай пачалі хадзіць неглыбока ў лес самі самотна. Звычайна мы дзейнічалі зь перасьцярогай, хаваліся ў папраці й дапільноўвалі малодых курак або лісак, якія бы адбіліся ад сям’і ды хутка закідвалі іх ў мяшэк з грувастага йльну Аршанскай фабрыкі, кабы віскат ня прыцягнуў мацёрых. Бацькі не забаранялі нам гэтых выцечак, справядліва лічучы, што толькі так мы здолеем зрабіцца шчырымі мужчынамі, за якіх ня будзе сорамна Падбродзьдзю. Аднойчы мы не ўсьцерагліся й патрапілі ў кола калпачкоў, якія нарэшце загналі нас на высачэзную сасну. Мы пратырчалі на галінах амаль два тыдні, назіраючы, як зьнізу да нас падбіраюцца апёнкі й чагі. Але як тыя набліжаліся, вартаўнічы рэзаў іх па аднаму й мы сырцом раздзіралі іх зубамі. Кажуць, чага вельмі карысная для ўсяго. Выратаваліся мы, калі ў сасну патрапіла маланка, дзякуючы якой узрослыя знайшлі нас па слупу дыму й агня. З аднога боку набліжалася полымя, з іншага апенкі. Чакаючы паратунка, мы смажылі тых у тым. Амаль усе з нашых тады выратаваліся. А хто ня выратавыўся, за тых добра адпомсьцілі.

Уваходзячы ўв узрост, пачалі мы дадавацца да мужчынскіх выцечак. Сьперша выпускалі нас на перад, як падманку, звычайна, кабы завабііць махавікі. Вядома, што яны ахвочыя да малых, бо тыя ім хрусткія. Але ж мы спарка адскоквалі за сьпіны й пачыналася мужчынская праца — канапелькай арканіць грыбьё, агалаўшыць дубінай ды кпіць да зямлі дзідай. Заставалася шчэ пракарбаваць на шчочцы сваю марку, каб не прысабечылі чужыя. На зваротным шляху падбіралі здобычы, ўжо абвялыя ды бязмоцныя. Канешне, ня ўсе з маленства былі хуткачы, то-бок, штось трапіла й махавікам.

Як зрабіліся мы старэйшымі, пах нашы ўжо страціў прывабнасць для здобычы. Затое сілаў у нас пабольшылася й нас заклікалі да гуртовай загоны, калі трэба абкружыць цэлую зграю грузьдзёў. Грузьдзі (а так сама й ліскі), як іх гнаць, зьбіраюцца цеснай хеўрачкай ды топчуць ня то што до сьмерці, а ў пыл. Тут патрэбныя загоншчыкі, каб разпужваць іх у розныя бакі й не даваць грудзіцца. Так-та яны баязьлівыя, але бывае, як зь са Зьмітрай было, што й адзін груздзь так утопча чалавека ў мох, што й пасюль не знойдзена. Месца мы прынамсі адзначылі, кабы ня зьбіраць там грыбоў, бо можа яны самі са Зьмітручка растуць. Ну але як — палку ўваткнулі. Падзі цяпер зразумей.

Потым настае, што па вучонаму завецца ініцыяцыяй. У мяне было так, што вывелі перад усімі й паставілі насупраць замацярэлага польскага грыба. Мусіў сам на сам яго пераадолець. Схапіліся мы, як гэта тут трэба, бяз зброі. Я яго як ухапіў, а ён мяне як аблапіў, хіба душу ня выцягнуў. Але ж я ўжо быў крэпкі, дык выняў яго зь зямлі ды як ляснуў, што й капялюш адскочыў. Толькі й пасьпеў шапнуць ён Kurwo kolejna, ды й скон яму прыйшоў. З тых часоў я зрабіўся паўнапраўны паляўнічы. З таго часу меў поўнае права паляваць адзін. Хаця рэдка хто адважыцца на гэткае. Хіба што перад сьмерцю, каб сыйсьці як мае.

А таго майго першага грыба мы сольлю пабарсьцілі дыі разьелі на месцы сырцом. Што да калейнай курвы, то грыбы заўжды на нас гэтак лаюцца, бо лічаць, што каб не чыгунка, не паўстала бы Падбародзьдзе на іхнюю бяду. Тут яны рацыі ня маюць, бо вядома, што людзі тутака зьявіліся раней за грыбы. Новы пробшч чытаў нам з Запавету, што першым у Падбродзьдзе прыйшоў сьвяты роўнаапостал Тадэўш, які сам быў пасадзіў у лесе першыя грыбы. Таму на іконах ды статулах ён заўжды з ножыкам.

Самі грыбы каля чыгункі не жывуць, выключаяючы масьлякаў. Тыя любяць жвір, сухі грунт, пах дзёгцю. А шчэ больш — падчапіць галавоў шпалу ды выпхнуць так навонак, кабы цягнік сыйшоў з рэек. Праз іх, дарэчы, цягнік ніколі не стаіць у Падбродзьдзі больш за дзьве хвіліны — бо масьлякі пасьпяваюць папрарасці пад дном, абмацаць рухавікі й супыніць машыну назаўжды. Стаіць гэткіх на запасных шляхах. Абыходчыкі не рызікуюць чапіцца, бо катуюць масьлякі жахліва: прыклейваюцца да чалавека ды растуць у розныя бакі. Ні воднага абыходчыка знайшлі раздраным на паловы. Быў такі дзедка Себасьцян, ён меў зь імі брацца — абкручваўся ў халсьціну ды выкашываў іх касой. А калі што, выскокваў зь тканіны. Дома потым ён зьдзіраў зь іх скальпы ды ладзіў ліпучкі ад мух на спродаж у Сьвянцянах, а часам нават на Казюка. А масьлякі садзіў на вяроўку з вузьлікамі каб сушыць на зіму. Грыбы яму таго не даравалі: дапільнавалі аднойчы падвячоркам ды адпомсцілі. І скальп зьнялі, й на вяроўках разьвесілі — акурат як ён быў рабіў, па кавалачках. Кажуць, што грыбы ня ўсе зімоў сыходзяць у вырай, а якіясь сядзіць па норах, дык ім трэ чымась харчавацца, мусі. Старыя часта ў нас сыходзяць гэтак. Лепш загінуць у бойцы з годным супраціўнікам, чым дачакацца пакуль сам сабою на пясок сыйдзеш.

Ніхто па старому сьлёз ня паліў. Па першае, загінуў ён шляхетна, як мае быць. Па другое, дак і не пхаўся бы ён да тых масьлякаў! Хай бы яны хаця ўсю чыгунку захапілі, нам жа спакайней. Для чаго тут чужыя, хіба што грыбы падкормліваць?

Чужыя ані звычаяў ня ведаюць, ані паспалітага паходжаньня. Швендаюцца ўздоўж лясной межы й на малых ваўнянках сярдушкі выразаюць скорыкамі. А потым узрасьце гэткая ваўнянка й на ўсіх кідаецц як шалёная.

Звычайна дарослае нашае паляваньне пачыналася з наведваньня могілак. Гэтыя могілкі ляжаць на шляху да лесу й склаліся натуральным чынам як месца збора неўдалых ці пераможаных грыбнікоў.

Першым на могілках ляжыць дурань Віця, які спрабаваў выразаць на стаўбуры парасонка "тут быў Віця". Ясна ад каго набраўся. Парасонак, ён жа сабачыны грыб, закрыў капялюш і хаваць Віцю трэ было з грыбом, тобок у грыбе. Другім ляжыць Сярожа. Сярожа лічыў што ён разумнейшы за Віцю й напіша свае імя на стаўбуры чырвонагаловіка. Бо чырвонагаловік прыкольна сінее, калі яго рэжаш. Пасінеў і Віця ды так, што пробшч адмовіўся адпяваць гэткае. Да рэчы, гэта быў той жа пробшч, якога потым высмакталі ваўнянкі, так што палічыліся, пробшчу!

Потым ідуць братэрскія могілкі. Там паклалася палова нашай вёскі, калі ліскі нанеслі адпавядны удар. Страцілі мы тады былі шмат, але й шмат былі засушылі. Наступнае пакаленьне ўзрасьцілі на ліскавам супе.

Пасьля могілак ужо йдзе сьцежка й там ужо цесьняцца малодыя й нявопытныя сыраежкі. Мы зараз накідваем петлю на адну патаўсьцее, валім яе ніц, яна й рохкнуць ня пасьпела як мы ўспаролі ёй бруха. Й пакуль яна б’ецца ў апошніх сутаргах ды скрыгоча, мы па чарзе катаемся ў ейнам трыбуху, кабы прапітацца грыбным пахам і быць нячутымі для наступных нашых здобычаў.

Яшчэ сохне сыраежная крывя на маім твару, як я бачу першы здобыч: мацёры баравік туліцца ў мосе. Я й ня думаю ні сэкунды, валю яго рагацінай. Як гэта першы здобыч, я выдзіраю голай рукой мяса там, дзе мусі быць сэрца ды прычашчаюся. Далей паляваньне коціцца як Запусты з горкі.

Усесь дзень мы палявалі, робячы рэштагі з крупнікам. Піць яго нельга, але мы панюхаем і наноў зьліваем у бутэльку. Пачалі набліжацца суцемкі, але мы не думалі вяртацца. Казьлёнкі, слабкія й вёрткія заманьвалі нас, ярка адзначаючы ся на мосе, а мы ахвоча йшлі за імі. Мы прадчувалі ноч паляваньня, дзе амаль толькі пах застаецца арыентырам. Грыбы бачаць нас у цемры лепш, чым мы іх. Але гэта толькі падбухторвала. Суцемьме была саюзьнікам для абодвух бакоў.

Падбродзкая ноч поўная рэзкіх рагоў, як неба Шагала. Пад зямлёй варочаецца міцеліюм, а трутавікі на стаўбурах сачаць маўляў абыякія вочы. Часам чуць апошні піск вавёркі, якая патрапіла на зуб сыраежцы ці злое порканьне безнадзейнай лісы, заціснутае бязьлітаснымі падгруздзкамі.

Так мы зайшлі ў лясы па-за дрыгвай. Даўно там не былі паляваўшы. Гэта быў як рай да грэхападзеньня. Няпуганых ваўняшак мы нізалі на дзіды сотнямі, а яжовікі сьсякалі пад корань дзясяткамі. Па пояс мы ўжо былі ў пераможнай здобычы, шлі скрозь і клалі за сабою прасекі.

Калі выспа папараці скончылася, за ёй зазьзяла астатняя твань. Ледзь мы згрудзіліся ў краю, як у глыбіні пачаўся рух і зь цемры намалявалася постаць. Вочы нашыя ўжо цалкам звыкліся й вось пабачылі мы як наперад нас уздымаецца вялізарны падбярозавік-шатун, імшарная вычвара. Склізь ляпала зь яго капялюша, на які наліпшы былі косткі жывёлаў ды птахаў, ласіныя рогі, вожыкыкі, гняздо грыцука. Цела слаілася поўпразрыстымі ніткамі, абпаясанае тлустым жоўтым смаўжом. З-пад капелюша боўталіся бялёсыя напітаныя рабакі, каторыя стрыглі сківіцамі. Андрусь пусьціў у змрочня дзіду й патрапіў, пырснулі жыжкі, грыб заматляўся ў бакі, раскідваючы рабакоў. Тыя віскаталі й чапіліся на балотныя дрэўцы.

Падбярозавік падступіў да нас і пачалася справа. Мільгалі ў паветры канцавіны й дзіды, выстрэльвала клейкавіна й сьлізь. Грыбішча падавалася быў непераможны, але нарэшцы мы адбіліся, добра яго патрапаўшы й ён заваліўся ў вока твані, ўцягнуўшы адно толькі дваіх нашых. Твань зглытнула яго з узвыем, адрыгнула й усё сьціхамірылася. Была сьвятна.

Пасьля бойкі, з ног да галавы ў гною й сьлізі мы йшлі ды йшлі зваротным шляхам і выйшлі на ціхі ўзлесак. Зіхцелі зорачкі. Тарахцелі істоты. Як сузор’е стаялі ў цішы шесьць зелянушак. На капялюшыках ды павуціньні бліскацела раса. Стыйка выйшаў наперад, паклаў на зямлю хатуль са здобычай і зборю, пакрочыў да грыбоў ды сеў між іх сёмым. Вось ён ўжо сядзеў сяродзь іх. На ягоным капялюшу набіралася зьзяньне расы, павуцінкі пачыналі цягнуцца між ім і іншымі грыбамі. Мы стаялі моўчкі. Чуць было як мох распрамляецца там, дзе ён раней быў прайшоў. Стрыйка ужо не глядзеў на нас, а хутчэй у сябе. Так мы стаялі пакуль ня страцілі разуменьне, дзе стрыйка, а дзе зелянушка. Тады ўсталі з каленаў і пайшлі дамоў. Там раскладалі мы з жанчынамі здобыч на засолку, на сушэньне, на марынацыю, а самых тлусьценькіх кідалі ў кацёл. І паставілі хлопчыка, кабы дзідачкай пхаў тых, якія вылезьці імкнуцца. Пакуль разьбіралі, адбылося сьмешнае — падгруздак адкусіў Юрку мізінец. Лісак жа мы спрэс насмажылі як трэ на памінальны стол па звычаях. Трэскалі іх да ночы ды пілі піва. Стрыйка калісь быў казаў, што ліска гэта такі грыб, які можна двойчы з’есьці.

Зранку адвёў мяне непрачуханага ў бок новы пробшч ды даў хатуль ды квіток. Сказаў, што праз учарашняе паляваньне ўсе грыбы разам абвясьцілі мне кроўную помсту й трэ мне да часу прыхавацца. Хлопцы правялі мяне да цягніку. Грыбы істоты марудныя, таму дайшлі амаль бяз перасьцярогі, адно што казлёнкі два разы выскоквалі наўпростава на галаву, але то ніц – аднога з ахоўнікаў толькі й здолілі зкалечыць. Праз поўгадзіны чыгунка ўжо нясла мяне ў эгзіль.

Тут усё добра й усё інакш. Але калі я ўзгадываю ўсё тое, ногі самі нясуць мяне ў накірунку ковенскага вакзалу, кабы цягнік дамчаў мяне дакуль магчыма, а далей я дайду сам покуль ня ўбачу улюбёнае Падбродзьдзе.

No comments: