Лістапад! Чарговая неўдалая назва
у вянку неўдалых назваў беларускіх месяцаў.
Месяц, у якім добра робіцца бачна
ўсе галіны на якіх ахвота павесіцца.
«Лістапад!» Нібы нам прапануюць коўдру.
Што гучыць прывабна й шчоўдра.
Прывабна, шчодра, пяшчотна, цёпла, ўтульна,
Але рэчаіснасці не адпавядае агульна.
Так, лес загаляецца і больш за тое:
Надвор'е выймае каменнае лязо ды зьдзірае жівое
да самых костак і косткі скрабе
(з тым менавіта гукам, які вы ўявілі сабе),
й палівае дажджом, кабы змыць нават рэшткі жывога
й зноў скрабе, паўтараючы гэта па колу.
Й агулам паводзіцца як выжылы з розуму настаўнік,
які паставіў сабе мэту стварыць ідэальны дапаможнік
для габінэту анатоміі ў вясковай школы.
Бязумоўна, чырванее й ападае.
Чырванее, ападае і моцна ліе.
І, магчыма, ёсьць людзі якім гэта падабае-
Цца — асабліва са схільнасцю да садызма й нэкрафіліі.
Лісты з дрэваў падаюць, тут я згаджаюся,
але лічыць гэта падставай для назвы месяца — гэта нажальп —
Як садраць з кагосьці скальп,
адарваць галаву, доўга гуляцца ёю ў футбол у гразі й потым зьвярнуцца дамоў замерзшы й з нагамі мокрымі.
і назваць гэта ўсё выпадзеньнем валасяной покрывы.
Відавочна, той хто прыдумаў назву «лістапад»,
Назіраў за прыродай праз вакно шпіталю.
Прычым толькі першыя два дні, а трэцяга ўжо памёр, а да чацьвёртага яго ўжо пасьпелі адпед і закапад.
(Не выключна, што за назву й закапалі.)
Бо быў бы ён жывы яшчэ пару дзён сяродзь гэтай чарнаты й залевы,
То даведался, што ня толькі з древаў падаюць лісты,
Але потым падаюць і самыя дрэвы.
А можа ён як раз зьбіраўся працягнуць пералік усяго, што ў гэтам месяцы падае, у прыватнасьці: дождж, сьнег, град, мэтэарыты, ціск, патэнцыя, вавёркі, й ён як раз усё гэта дадаць зьбіраўся з духам,
Але яго ўзяла Касьцюха.
І вось мы стаім у лужах агулам ды ў дэпрэсіі ў прыватнасьці,
А ён не нясе ніякой адпавяднасьці.
(Тут былі шчэ сураўненьні й мяркаваньні,
але вакол вільготна, цёмна, пужальныя здані,
пальцы зьмерзлі, атраманту замала,
таму хутка перайду да фінала:)
У мяне ёсьць думка й я вам яе дару:
Гэтая няўдалая назва ў сваёй татальнай няўдаласьці выдатна адпавядае неўдаламу беларускаму каляндару.
No comments:
Post a Comment